Біскуп Шнайдэр: «Неакатэхуменат» — пратэстанцка-юдэйская суполка

Некалькі гадоў назад Яго Эксцэленцыя Атаназій Шнайдэр даў <a href=”http://newman.hu/index.php/interview-with-schneider/”>вялікае інтэрв’ю</a> дырэктару Цэнтра вышэйшай адукацыі імя Джона Генры Ньюмэна (Венгрыя) Даніэлю Фюлепу. Прыводзім ўрывак з гэтай размовы, прысвечаны «Неакатэхуменальнаму Шляху» — арганізацыі, што дзейнічае у тым ліку і ў некаторых расійскіх парафіях.

Сп. Фюлеп: У той час як Традыцыя зведвае ганенні, некаторыя сучасныя рухі карыстаюцца вялікай падтрымкай. Адзін з іх — гэта суполка Кіка. Як Вы адносіцеся да «Неакатэхуменальнага Шляху»?

Яго Эксцэленцыя біскуп Шнайдэр: Гэта вельмі складаны і сумны феномен.
Скажу адкрыта — гэта траянскі конь у Касцёле. Я вельмі добра іх ведаю, бо некалькі гадоў быў у Карагандзе, у Казахстане, біскупскім дэлегатам у іх. Я ўдзельнічаў у іх Імшы і сустрэчах, я чытаў пісанні Кіка, іх заснавальніка, так што я добра ведаю, пра што размова. І кажучы адкрыта, без дыпламатыі, я павінен заявіць: «Нэакатэхуменат» — гэта пратэстанцка-юдэйская суполка ўнутры Касцёла, а каталіцкія ў ёй толькі дэкарацыі. Самы небяспечны аспект тут датычыцца Эўхарыстыі, паколькі Эўхарыстыя — гэта сэрца Касцёла. А калі сэрца не ў парадку, то не ў парадку і ўвесь арганізм. Для «Неакатэхумената» Эўхарыстыя — гэта перш за ўсё брацкая трапеза. А гэта пратэстанцкі, тыпова лютэранскі падыход. Яны адмаўляюць ідэю і вучэнне пра Эўхарыстыю як пра сапраўднае ахвярапрынашэнне. Больш за тое, яны лічаць, што традыцыйнае вучэнне і вера ў Эўхарыстыю як у ахвяру — гэта рэчы не хрысціянскія, а язычніцкія. Поўны абсурд, тыповае лютэранства, пратэстантызм. Падчас сваіх эўхарыстычных літургій яны адносяцца да Найсвяцейшага Сакрамэнту як да чагосьці настолькі трывіяльнага, што часам даходзіць да жахлівага. Яны прымаюць Святую Камунію седзячы, і бывае, што часцінкі падаюць, а яны да гэтага ставяцца абыякава; а пасля прыняцця Святой Камуніі — танцуюць замест таго, каб маліцца і ў цішыні пакланяцца Езусу. Усё гэта вельмі па-свецку і па-язычніцку, па-натуралісцку.

Сп. Фюлеп: Мабыць, праблема тут не толькі практычная…
Яго Эксцэленцыя біскуп Шнайдэр: Другая небяспека — іх ідэалогія. Асноўная ідэя Нэакатэхумената, паводле яго заснавальніка Кіка Аргуэльа, наступная: Касцёл жыў ідэальна толькі да Канстанціна, да IV стагоддзя, і па сутнасці толькі гэта быў сапраўдны Касцёл. А пры Канстанціне Касцёл пачаў дэградаваць: пайшла – паводле тэорыі Кіка — дэгенерацыя веравучэння, дэгенерацыя літургічная і маральная. Самага ж дна, паводле гэтай жа тэорыі, дэгенерацыі веравучэння і літургіі Касцёл дасягнуў з дэкрэтамі Трыдэнцкага Сабора. На самай жа справе пэўна проста адваротнае: гэта быў адзін з кульмінацыйных перыядаў у гісторыі Касцёла, які надаў яснасць яго вучэнню і дысцыпліне. Кіка лічыць, што з IV стагоддзя да Другога Ватыканскага Сабора ў Касцёле доўжыліся цёмныя вякі. І толькі з Другім Ватыканскім Саборам у Касцёл пранікла святло. Гэта ерась, паколькі гэта значыць гаварыць, што Святы Дух пакінуў Касцёл. І гэта сапраўднае сектанцтва, вельмі падобнае на тое, што гаварыў Марцін Лютэр, які сцвярджаў, што да яго Касцёл быў ў цемры, а святло азарыла Касцёл толькі праз яго. Па сутнасці, пазіцыя Кіка такая ж, толькі ў яго цёмная эпоха была ад Канстанціна да Другога Ватыканскага Сабора. Гэта значыць яны няправільна тлумачаць Другі Ватыканскі Сабор. Яны завуць сябе апосталамі Сабора. Тым самым яны апраўдваюць Другім Ватыканскім Саборам ўсе свае ерэтычныя практыкі і вучэнні. Гэта — каласальнае злоўжыванне ім.

Сп. Фюлеп: Як жа гэта суполка магла быць афіцыйна прынята Касцёлам?
Яго Эксцэленцыя біскуп Шнайдэр: У гэтым — яшчэ адна трагедыя. Прынамсі трыццаць гадоў назад яны стварылі сабе ў Ватыкане магутнае лобі. І тут таксама ёсць падман: на мностве мерапрыемстваў яны прэзентуюць біскупам шматлікія плады сваёй дзейнасці: навяртанні, мноства пакліканняў. Многія біскупы аслеплены гэтымі пладамі і не бачаць памылак, не даследуюць іх. У іх вялікія сем’і, у іх шмат дзяцей, у іх высокія маральныя стандарты ў сямейным жыцці. Гэта, вядома, добры вынік. Але адразу ёсць і свайго роду гіпербалізаваныя паводзіны, ціск на сем’і, каб у іх была максімальна магчымая колькасць дзяцей. Гэта з’ява нездаровая. Яны гавораць: мы прымаем «Humanae Vitae», і гэта, вядома ж, добра. Але ў выніку гэта — ілюзія, таму што сёння ў свеце нямала пратэстанцкіх груп з высокімі маральнымі стандартамі, у якіх таксама шмат дзяцей, якія таксама выходзяць пратэставаць супраць гендарнай ідэалогіі, гомасэксуалізму, таксама прымаюць «Humanae Vitae». Але для мяне гэта — не вырашальны крытэрый ісціны! Ёсць шмат пратэстанцкіх суполак, што навяртаюць мноства грэшнікаў, людзей, у якіх былі залежнасці — алкагалізм, наркотыкі. Так што для мяне плод навяртанняў не з’яўляецца вырашальным крытэрыем, і я не стану запрашаць такую вось добрую пратэстанцкую групу, што навяртае грэшнікаў і нараджае шмат дзяцей, удзельнічаць у апасталаце ў сваёй дыяцэзіі. А многія біскупы аслеплены так званымі пладамі і жывуць у палоне ілюзіі.

Сп. Фюлеп: У чым заключаецца краевугольны камень веравучэння?
Яго Эксцэленцыя біскуп Шнайдэр: У вучэнні пра Эўхарыстыю. Гэта — сэрца ўсяго.
Памылкай будзе перш за ўсё глядзець на плады і ігнараваць вучэнне і літургію ці не надаваць ім значэння. Я ўпэўнены, што аднойчы прыйдзе час, калі Касцёл дасць гэтай арганізацыі аб’ектыўную і глыбокую ацэнку, не схільную да ціску неакатэхуменальных лабістаў, і выявіць яе навучальныя і літургічныя памылкі.

About The Author

Leave a Reply