Ян XXIII. Veterum sapientia

Ян ⅩⅩⅢ

Божым Провідам Папа

Veterum sapientia

Апостальская канстытуцыя пра распаўсюджанне вывучэння лацінскай мовы

Мудрасць старажытных, якая змяшчаецца ў творах грэкаў і рымлян, а таксама самыя вядомыя помнікі вучэнняў старажытных народаў варта разглядаць як нейкі золак-прадвеснік евангельскай ісціны, якую Сын Божы, Заканадавец і Настаўнік ласкі і вучэння, які вучыць і вядзе род чалавечы, абвясціў на гэтай зямлі. Бо Айцы і Настаўнікі Касцёла ў выдатных сведчаннях тых часоў бачылі нейкую падрыхтоўку душ да прыняцця нябесных багаццяў, да якіх Хрыстус Езус далучыў смяротных ва ўсталяванні паўнаты часоў. Адсюль вынікае, што ўсё зроблена так, каб пры станаўленні хрысціянскага парадку рэчаў не было страчана нічога з таго праўдзівага, праведнага, высакароднага і, нарэшце, выдатнага, што спарадзілі былыя стагоддзі.

З гэтай прычыны святы Касцёл з велізарнай пашанай ставіўся да помнікаў такога роду, і перш за ўсё, да грэцкай і лацінскай моў, як да залатога ўбрання гэтай мудрасці. Касцёл успрыняў таксама і іншыя высокапаважаныя мовы, якія дасягнулі росквіту ў краінах Усходу, бо яны, без сумнення, нямала паслужылі развіццю чалавецтва і станаўленню нораваў. Гэтыя мовы, якія выкарыстоўваюцца як у рэлігійных абрадах, так і ў перакладах Святога Пісання, і да нашага часу не страцілі свайго значэння ў некаторых краінах, з’яўляючыся як бы бесперапыннымі галасамі неўміручай старажытнасці.

Сярод разнастайнасці гэтых моў сапраўды ўзвышаецца тая, якая, узнікшы ў межах Лацыя, пазней адыграла велізарную ролю ў распаўсюджанні хрысціянства ў краінах Захаду. Бо не без Божага Провіду здарылася так, што мова, якая на працягу многіх стагоддзяў збірала пад уладай Рымскай імперыі найбольшую супольнасць народаў, стала і ўласнай мовай Апостальскага Пасада і, захаваная для будучыні, звязала хрысціянскія народы Еўропы адзін з адным шчыльнымі сувязямі адзінства.

Лацінская мова па самой сваёй прыродзе прыстасавана для распаўсюджання мнагастайных форм культуры сярод любых народаў; бо яна не ўзбуджае зайздрасці, паказвае сябе бесстаронняй кожнаму народу, не прымае нічый бок, нарэшце, прыхільная і дружалюбная да ўсіх. Нельга пагрэбаваць таксама і тым, што лацінскай мове ўласцівыя высакароднае ўнутранае ўстройства і своеасаблівасць. Ёй уласцівы стрыманы, багаты і размераны спосаб выразу, поўны велічы і годнасці, што служыць выключнай яснасці і пераканаўчасці.

З гэтых прычын Апостальскі Пасад ва ўсе часы клапаціўся пра беражлівае захаванне лацінскай мовы і лічыў яе годнай таго, каб выкарыстоўваць яе ў ажыццяўленні свайго Настаўніцтва, як велічнае ўбранне нябеснага вучэння і свяцейшых законаў, і каб ім жа карысталіся і служыцелі святых абрадаў. І сапраўды, гэтыя касцёльныя мужы, сярод якога б народа яны ні знаходзіліся, выкарыстоўваючы мову рымлян, маглі ясней пазнаваць волю Святога Пасада, а таксама бесперашкодна падтрымліваць сувязь з ім і паміж сабою.

Такім чынам, ведаць і выкарыстоўваць лацінскую мову, настолькі звязаную з жыццём Касцёла, важна не столькі з прычыны яе культурнай і літаратурнай значнасці, колькі з прычыны яе значнасці рэлігійнай, як вучыў Наш Папярэднік незабыўнай памяці Пій XI, які, грунтоўна і паслядоўна вывучыўшы ўсе акалічнасці, паказаў на тры вартасці гэтай мовы, дзіўным чынам адпаведныя прыродзе Касцёла: бо Касцёл, які заключае ў свае абдымкі ўсе народы, і які будзе трываць да сканчэння вякоў, па прыродзе сваёй мае патрэбу ў мове ўніверсальнай, нязменнай і не народнай.

Бо паколькі з Рымскім Касцёлам належыць узгадняцца ўсім Касцёлам, і паколькі Вярхоўныя Першасвятары валодаюць праўдзівай біскупскай, ардынарнай і непасрэднай уладай як у адносінах да ўсіх і да кожнага Касцёла, так і ў адносінах да ўсіх і да кожнага пастыра і верніка любога абраду, любога народа і любой мовы, прадстаўляецца цалкам належным, каб сродак узаемных зносін быў універсальным і аднастайным, асабліва для зносін паміж Апостальскім Пасадам і Касцёламі, якія выкарыстоўваюць той жа лацінскі абрад. Таму як Рымскія Першасвятары, калі жадаюць вучыць чаму-небудзь каталіцкія народы, так і ведамствы Рымскай курыі, калі выконваюць якія-небудзь абавязкі ці калі выдаюць дэкрэты, адрасаваныя ўсёй супольнасці вернікаў, заўсёды ўжываюць лацінскую мову няйначай як для таго, каб на гэтай мове матчын голас быў успрыняты незлічонымі народамі.

І не толькі ўніверсальнай, але і нязменнай павінна быць мова, якая выкарыстоўваецца Касцёлам. Бо калі б ісціны Каталіцкага Касцёла перадаваліся або некаторымі, або многімі са зменных сучасных моў, з якіх ніводная не пераўзыходзіла б іншыя аўтарытэтам, з гэтага б непазбежна вынікала, з аднаго боку, што, з прычыны адрозненняў, якія існуюць паміж імі, сіла гэтых ісцін не была б паказана ўсім дастаткова выразна і ясна; а з іншага боку, не існавала б ніякай усеагульнай і сталай нормы, з якой можна было б суадносіць сэнс астатніх. Сапраўды, лацінскую мову, даўно ўжо абароненую ад змен, – якія, паводле паўсядзённага народнага звычаю, пранікаюць у значэнні слоў, – належыць лічыць непарушнай і нерухомай; бо новыя значэнні некаторых лацінскіх слоў, якіх патрабавала развіццё, тлумачэнне і абарона хрысціянскага вучэння, даўно ўжо замацаваліся і зацвердзіліся ў гэтай мове.

І, нарэшце, паколькі Каталіцкі Касцёл, будучы заснаваны Хрыстом Панам, далёка перавышае годнасцю ўсе чалавечыя супольнасці, безумоўна, яму належыць карыстацца не народнай мовай, але мовай, поўнай высакароднасці і велічы.

І акрамя таго, лацінскую мову – якую мы можам называць каталіцкай, бо яна асвячоная праз бесперастаннае ўжыванне яе Апостальскай Катэдрай, Маці і Настаўніцай усіх Касцёлаў, – належыць лічыць скарбам непараўнальнай перавагі і як бы нейкімі дзвярамі, якімі ўсім адкрываецца доступ да саміх хрысціянскіх ісцін, атрыманых у старажытнасці, і да вытлумачэння помнікаў касцёльнага вучэння. Яе, нарэшце, належыць лічыць самай годнай сувяззю, якой цяперашняя эпоха Касцёла дзівосна злучаецца з мінулымі і з наступнымі.

Прытым, ніхто не можа сумнявацца ў тым, што як мове, так і годным творам рымлян уласцівая сіла, вельмі карысная для навучання і станаўлення юнацкага розуму. З яе дапамогай практыкуюцца, выспяваюць і дасканаляцца асаблівыя інтэлектуальныя і духоўныя здольнасці, набываецца вастрыня розуму і здольнасць разважання, малады розум выхоўваецца для адэкватнага ўспрымання і ацэнкі ўсіх рэчаў, і, нарэшце, развіваецца ўменне лагічна мысліць і гаварыць.

Прыняўшы да ўвагі сказанае, лёгка зразумець, чаму Рымскія Першасвятары не толькі часта і шмат усхваляюць значэнне і перавагу лацінскай мовы, але і прадпісваюць яе вывучэнне і ўжыванне святарамі абедзвюх частак духавенства, папярэджваючы пра небяспекі, якія выцякаюць з грэбавання ёй.

Такім чынам, рухомыя тымі ж сур’ёзнейшымі прычынамі, што і Нашы Папярэднікі і памесныя саборы, Мы горача жадаем, каб гэтая мова зноў заняла сваё годнае месца, а яе вывучэнне і шанаванне ўсё болей і болей распаўсюджвалася. А паколькі ў наш час выкарыстанне рымскай гаворкі ў многіх месцах становіцца прадметам спрэчак, так, што многія імкнуцца даведацца, што думае на гэты конт Апостальскі Пасад, Мы вырашылі, выдаўшы пры дапамозе гэтага важнага дакумента неабходныя нормы, забяспечыць, каб старажытны і бесперапынны звычай ужывання лацінскай мовы быў захаваны, а калі б дзе ён і быў блізкі да згасання, цалкам адноўлены.

Акрамя таго, што датычыцца Нашага ўласнага меркавання на гэты конт, Нам здаецца, што Мы дастаткова ясна выразілі яго, звярнуўшы да вядомых прыхільнікаў латыні наступныя словы: “На жаль, ёсць даволі шмат людзей, якія, бязмерна захапіўшыся дзівосным развіццём навук, імкнуцца адмяніць ці абмежаваць вывучэнне латыні і падобнага роду дысцыплін. Заахвочаныя такой неабходнасцю, Мы мяркуем, што неабходна накіроўвацца па процілеглым шляху. Паколькі духу ўвогуле ўласціва жадаць таго, што болей вартае прыроды і годнасці чалавека, належыць з большай настойлівасцю імкнуцца да таго, што авысакароджвае і ўпрыгожвае дух, каб няшчасныя смяротныя не сталі, падобна машынам, якія імі вырабляюцца, халоднымі, нячулымі і далёкімі ад любові” .

Такім чынам, разгледзеўшы і старанна ўзважыўшы ўсе гэтыя акалічнасці, з поўнай свядомасцю Нашага служэння і ўсёй Нашай уладай Мы пастанаўляем і загадваем наступнае:

  1. Біскупы і Вышэйшыя настаяцелі манаскіх ордэнаў няхай аднолькава клапоцяцца пра тое, каб у іх семінарыях ці навучальных установах, у якіх юнакі праходзяць падрыхтоўку да святарства, у гэтым пытанні ўсе шчыра падпарадкоўваліся волі Апостальскага Пасада і старанна кіраваліся гэтымі Нашымі прадпісаннямі.
  2. Няхай яны з айцоўскім клопатам назіраюць, каб ніхто з тых, хто знаходзіцца ў іх юрысдыкцыі, будучы прыхільны да новых вучэнняў, не пісаў нічога супраць ужывання лацінскай мовы як у выкладанні святых прадметаў, так і ў здзяйсненні святых абрадаў, і не выказваў прадузятых меркаванняў, грэбуючы воляй Апостальскага Пасада ці скажона яе вытлумачваючы.
  3. У адпаведнасці з прадпісаннямі як Кодэкса кананічнага права (кан. 1364), так і Нашых Папярэднікаў, тыя, хто рыхтуецца да святарства, перш чым прыступіць да вывучэння ўласна касцёльных дысцыплін, павінны на працягу неабходнага часу і паводле выпрабаваных методык старанна займацца лацінскай мовай пад кіраўніцтвам дасведчаных настаўнікаў. Гэта неабходна і для таго, каб не здарылася так, што, прыступіўшы да вывучэння важнейшых дысцыплін, яны, з прычыны няведання мовы, не змаглі б у паўнаце спасцігаць вучэнне, а тым болей, удзельнічаць у тых схаластычных дыспутах, у якіх юнацкі розум атрымлівае незвычайную вастрыню, неабходную для абароны ісціны. Мы жадаем, каб гэта адносілася таксама і да тых, якія, будучы ўжо ў сталым узросце пакліканыя Богам да святарства, ніколі раней не займаліся гуманітарнымі навукамі ці маюць вельмі малы досвед у іх вывучэнні. Бо нікога не належыць дапускаць да вывучэння філасофскіх ці багаслоўскіх дысцыплін, калі перш ён не авалодае ў дасканаласці гэтай мовай і не навучыцца яе ўжываць.
  4. Там жа, дзе з прычыны прыпадабнення навучальнага плана таму, што прыняты ў дзяржаўных грамадскіх навучальных установах, была зменшана пашана да лацінскай мовы і нанесена шкода праўдзіваму і здароваму вучэнню, Мы загадваем поўнасцю аднавіць агульнапрыняты парадак выкладання гэтай мовы; бо кожнаму павінна быць зразумела, што таксама і ў гэтым пытанні парадак падрыхтоўкі кандыдатаў у святарства павінен з павагай захоўвацца не толькі ў тым, што датычыцца колькасці і роду прадметаў, але таксама і ў тым, што датычыцца часу іх выкладання. Таму, калі акалічнасці часу ці месца патрабуюць, каб да звычайных дысцыплін былі дададзены некаторыя іншыя, то з гэтай прычыны належыць альбо працягнуць агульны тэрмін навучання, альбо абмежавацца кароткім курсам гэтых новых дысцыплін, альбо перанесці іх вывучэнне на іншы час.
  5. Важнейшыя і святыя дысцыпліны, як гэта ўжо часта прадпісвалася, належыць выкладаць на лацінскай мове, якая, на аснове шматвяковага досведу, лічыцца найболей прыдатнай для належнага і яснага выкладання найскладанейшых і вельмі далікатных вобразаў і паняццяў. Бо акрамя таго, што яна ўжо даўно ўзбагачана спецыяльнымі і дакладнымі тэрмінамі, прыстасаванымі для абароны чысціні каталіцкай веры, яна таксама ў немалой ступені спрыяе пазбяганню пустаслоўя. Таму тыя, хто выкладае гэтыя дысцыпліны як ва ўніверсітэтах, так і ў семінарыях, абавязаны і гаварыць па-лацінску, і выкарыстоўваць падручнікі, напісаныя на лацінскай мове. Калі ж яны акажуцца няздольнымі выканаць гэтыя прадпісанні Святога Пасада з прычыны няведання лацінскай мовы, іх месца павінны паступова заняць іншыя, адпаведныя для гэтага, выкладчыкі. У выпадку ж узнікнення цяжкасцяў як з боку выхаванцаў, так і з боку прафесараў, належыць пераадольваць іх, з аднаго боку, настойлівасцю Біскупаў і настаяцеляў, з іншай – добрай воляй выкладчыкаў.
  6. Паколькі лацінская мова – гэта жывая мова Касцёла, яна павінна ўзгадняцца з моўнымі патрэбамі, якія штодзённа ўзрастаюць, узбагачаючыся новымі прыдатнымі і адпаведнымі словамі, у згодзе з аднастайнымі агульнымі прынцыпамі, якія адпавядаюць прыродзе старажытнай лацінскай мовы, гэта значыць тымі прынцыпамі, якімі кіраваліся і св. Айцы, і лепшыя аўтары, называныя схаластамі. З гэтай мэтай Мы даручаем Святой Кангрэгацыі па справах семінарый і ўніверсітэтаў заснаваць Акадэмічны інстытут лацінскай мовы, у якім належыць сфармаваць выкладчыцкі склад, які складаецца са спецыялістаў у галіне лацінскай і грэцкай моў, запрошаных з розных краін свету. Асноўнай задачай гэтага Інстытута – таксама, як і задачай любой дзяржаўнай Акадэміі, створанай для развіцця сваёй нацыянальнай мовы – з’яўляецца як клопат пра гарманічнае развіццё лацінскай мовы, якое прадугледжвае ўнясенне ў лацінскі лексікон, калі гэта неабходна, слоў, якія дапасоўваюцца да прыроды і асаблівага характару гэтай мовы, так і стварэнне школ для вывучэння кожнага з перыядаў лацінскай мовы, і перш за ўсё, хрысціянскай латыні. У гэтых школах будуць набываць глыбейшае пазнанне лацінскай мовы і досвед яе выкарыстання, а таксама авалодваць асаблівай вытанчанай манерай пісьма тыя, якія прызначаны для выкладання лацінскай мовы ў семінарыях і касцёльных каледжах, ці для складання дэкрэтаў і судовых пастаноў, ці для вядзення ліставання ва ўстановах Святога Пасада, у дыяцэзіяльных курыях і ў ведамствах манаскіх ордэнаў.
  7. Паколькі лацінская мова цесна звязана з грэцкай, як па сваёй унутранай структуры, так і па значнасці тэкстаў, якія дайшлі да нас са старажытнасці, неабходна, – як гэта шматразова прадпісвалася Нашымі Папярэднікамі – каб будучыя святары вывучалі грэцкую мову ўжо ў ніжэйшых і сярэдніх школах. Такім чынам, калі яны прыступяць да вывучэння вышэйшых дысцыплін, а асабліва, калі яны зоймуцца саісканнем акадэмічных ступеней у галіне Святога Пісання ці святой тэалогіі, у іх будзе магчымасць даследаваць і правільна разумець не толькі грэцкія крыніцы так званай схаластычнай філасофіі, але і самі арыгінальныя тэксты Святога Пісання, Літургіі і св. грэцкіх Айцоў.
  8. Акрамя таго, Мы даручаем той жа Святой Кангрэгацыі скласці метадычны план навучання лацінскай мове, якога ўсе будуць абавязаны строга прытрымлівацца, каб кіруючыся ім, атрымаць належнае веданне мовы і навучыцца яе выкарыстоўваць. Пры неабходнасці парады Ардынарыяў могуць перапрацоўваць гэты план, пры гэтым ніколі не змяняючы і не змяншаючы яго па сутнасці. Аднак, Ардынарыі не павінны самастойна ажыццяўляць унесеныя змены перш, чым яны будуць даследаваны і зацверджаны Святой Кангрэгацыяй.

Нарэшце, Нашай Апостальскай уладай Мы жадаем і загадваем, каб усё, што Мы пастанавілі, вызначылі, абвясцілі і даручылі гэтай Нашай Канстытуцыяй, было і захоўвалася дзейсным і нязменным, нягледзячы ні на якія супярэчныя загады, у тым ліку і вартыя адмысловага згадвання.

Дадзена ў Рыме, у св. Пятра, 22 лютага 1962 года, у свята Катэдры святога апостала Пятра, у чацвёрты год Нашага пантыфікату.

IOANNES P.P. XXIII

About The Author

Leave a Reply