Адкрыты ліст

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Паважаная рэдакцыя “Каталіцкага Весніка”, мы, вернікі, прывязаныя да дарэформенай літургічнай традыцыі, дбаючы пра абавязак клапаціцца пра мір і супакой унутры нашага Святога Касцёла, былі здзіўлены і заклапочаны артыкулам вашай газеты ад 08.04.2018 г. У гэтым артыкуле мы заўважылі некаторыя недарэчнасці і скажэнні фактаў, якія падаюць інфармацыю тэндэнцыйна і не адлюстроўваюць сітуацыю ў поўнай меры. Мы пакінем у баку юрыдычныя пытанні і кананічны статус FSSPX і засяродзімся на верніках-каталіках, якія могуць быць пакрыўджаны вашым артыкулам і незаўважаннем з боку касцёльных уладаў Беларусі іх патрэбаў. Кс. Аркадзь Куляха пісаў аб нас, верніках і святарах, прывязаных да экстраардынарнай формы Святой Імшы, так, быццам бы нас увогуле не існуе.

«Нас лічаць памерлымі, але вось, мы жывыя» (2 Кар. 6:9). Айцец Аркадзь Куляха OCD піша: «… ў рыма-каталіцкіх парафіях нашай краіны вельмі мала або наогул няма вернікаў, якія б адзначаліся такой прывязанасцю» (да надзвычайнай формы святой Імшы). Аднак мы існуем: і ў Віцебску, і ў Лельчыцах, Мінску, Магілёве, Гомелі... Тое, што нас няма – папросту не адпавядае рэчаіснасці.

Далей. “Беручы пад увагу, што Касцёл у Беларусі пасля Другога Ватыканскага Сабору без перашкодаў перайшоў да здзяйснення сакрамантаў на нацыянальных мовах”. Ці трэба нагадваць, у якім стане быў Каталіцкі Касцёл на Беларусі і ўвогуле ў СССР у тыя гады? Добра, напрыклад, тое, што раскол Касцёла па нацыянальных прыкметах, калі палякі ідуць на адну Імшу, а беларусы на іншую (насуперак прадпісанням Другога Ватыканскага Сабору, які кажа, што «у лацінскіх абрадах павінна захоўвацца выкарыстанне лацінскай мовы» («Sacrosanctum Concilium» 36, §1) – гэта вялікае заваяванне. Але ці азначае гэта, што трэба адмовіць у праве на існаванне тым, хто жадае захаваць еднасць, у тым ліку і ў мове набажэнства, з Касцёлам усіх вякоў? Так не лічыў ні св. Ян Павел II, прадпісаўшы біскупам клапаціцца пра патрэбы вернікаў, прыхільнікаў дарэформенай літургіі (гл. motu proprio «Ecclesia Dei»), ні Бенедыкт XVI, зняўшы ўсе абмежаванні на цэлебрацыю Імшы па «старым» рыце.

«Ні ў часы Савецкага Саюза, – піша кс. Куляха, – ні пасля яго распаду на нашай зямлі не засталіся святары, якія былі б выразнымі прыхільнікамі Брацтва святога Пія X і супраціўляліся саборнай рэформе». Па-першае, для таго, каб быць прыхільнікам дарэформенай Імшы, не абавязкова быць прыхільнікам Брацтва. Гэта падкрэслівае Бенедыкт XVI, кажучы, што традыцыйная літургія – каштоўны скарб усяго Касцёла. Па-другое, калі ў 1970-х гадах яшчэ можна было разлічваць на тое, што прыхільнікі Традыцыі вымруць натуральным шляхам, то зараз гісторыя ужо даказала адваротнае. Па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, прыхільнікі традыцыйнай літургіі (і святары, і свецкія вернікі) – гэта, перш за ўсё, дастаткова маладыя людзі, якія не настальгуюць па гадах свайго дзяцінства і юнацтва, а якія пазнаёміліся з ёй і палюбілі яе свядома. Для многіх з нас, выхаваных у бязбожных сем’ях, менавіта Лацінская Традыцыя стала шляхам навяртання да Хрыста. 

На заканчэнне хочам дадаць, што парафіі няяснага кананічнага палажэння ўзнікаюць і расцвітаюць часцей за ўсё там, дзе касцёльныя ўлады не дазваляюць вернікам задавальняць свае духоўныя патрэбы ў межах ардынарных структур Касцёла. Тым не менш, Папская камісія “Ecclesia Dei”, якой даверана як забота аб патрэбах прыхільнікаў традыцыйнай лацінскай літургіі ва ўсім Касцёле, так і ўрэгуляванне пытанняў, звязаных з Братцвам св. Пія X, неаднаразова заяўляла, што ўдзел у Св. Імшы, якую цэлебруе прыналежны да Брацва святар: 1) з’яўляецца выкананнем нядзельнага абавязку – без аніякіх дадатковых умоваў; 2) не з’яўляецца грахом, калі няма намеру адрывацца ад зносін з Рымскім Пантыфікам і вернымі ў зносінах з ім, а толькі пабожнасцю і жаданнем удзельнічаць менавіта ў літургіі па Імшале 1962 г. (гл. ліст тагачаснага сакратара камісіі манс. Камілле Перля ад 18/01/2003, адрасаваны Асацыяцыі Una Voce America [http://salbert.tripod.com/SSPXMasses.htm])

З павагай і малітвай за вашу рэдакцыю, 

Асацыяцыя Una Voce Albaruthenia 

About The Author

Leave a Reply